Яго называлі ўсходнебеларускаю Прагаю ды планавалі зрабіць сталіцаю Беларусі. Магілёў -- горад з багатаю гісторыяй, які перажыў шмат войнаў, страціў і страчвае гістарычныя помнікі ў мірны час. Цяпер у магчымасці атрымаць статус культурнай сталіцы гісторыкі бачаць шанец і стымул адрадзіць гістарычны вобраз гораду. І пачаць з самага цэнтру -- Савецкай плошчы. ІГАР ПУШКІН, КАНДЫДАТ ГІСТАРЫЧНЫХ НАВУК: "Трэба, каб плошча адлюстроўвала не толькі гістарычную эпоху савецкага перыяду, але і з часоў Сярэднявечча. Прычым тут шмат магчымасцяў. Гэта і замчышча, і розныя архітэктурныя комплексы, пабудовы, малыя архітэктурныя формы". Перайменаваць плошчу з Савецкай у Ратушную, адрадзіць гістарычную панараму -- гэта станоўчыя змены, якіх варта дамагацца, кажуць адмыслоўцы. Адначасова трэба супрацьстаяць негатыву. А менавіта так гісторыкі называюць разрастанне гандлёвага цэнтру "Магніт" у гістарычнай частцы Магілёва. І скардзяцца, што гарадскія ўлады не праводзяць грамадскіх слуханняў перад пачаткам забудовы. АЛЕГ Д'ЯЧКОЎ, ГІСТОРЫК-ЭКСКУРСАВОД: "Паводле закону грамадзяне маюць права на поўную і дакладную інфармацыю. А звычайна ўжо як пачынаюць будаваць -- тады грамадзяне і даведваюцца". Але калі няма афіцыйнай дыскусіі, можна арганізоўваць сваю. Што трэба зрабіць Магілёву, каб стаць культурнаю сталіцаю -- 2013, абмяркоўвалі сёння ўдзельнікі дэмакратычнага дыспуту, які зладзіла кампанія "Будзьма беларусамі!". Магілёўцы лічаць, што важны не толькі сталічны статус, але і сталічны настрой
...